Тунэль зь Серабранкi ў Бэрлiн (на белорусском языке)

Орлов Владимир (2)

Уладзiмiр Арлоў

Тунэль зь Серабранкi ў Бэрлiн

Бывайце, заходнебэрлiнскiя дворнiкi! Калi б ты гаварыў па-нямецку, дык растлумачыў бы iм, што больш за ўсё на сьвеце яны падобныя да беларускiх акадэмiкаў i членкараў i, пакiнуўшы за дзьвярыма канфэрэнц-заляў свае мудрагелiстыя прычындалы, маглi б сьмела займаць месца ў прэзыдыюмах.

Бывайце, белазубыя гандляры-туркi з пляцу каля Брандэнбурскае брамы з вашымi мэдалямi "За взятие Берлина" (вас можна было б таксама ўзнагароджваць iмi, бо Бэрлiн зь ягонымi 250 тысячамi малаазiйцаў - трэцi пасьля Стамбулу й Анкары турэцкi горад сьвету), са значкамi "Победитель соцсоревнования" й партабакамi з "Пагоняй" вытворчасьцi Полацкага лiцейна-мэханiчнага заводу па пяць марак за штуку.

Бывайце, бэрлiнскiя немкi! З кожным пражытым годам вы робiцеся толькi больш прывабныя, каб у старасьцi кожная ператварылася ў прыгажуню.